Якое месца ў сусветнай музычнай індустрыі займаюць беларускія творцы? Ці ёсць сярод іх тыя, што здолелі выйсці на міжнародныя рынкі, каб зарабіць на хлеб з маслам і, канечне ж, падзяліцца сваёй музыкай з вялікай колькасцю прыхільнікаў? Распавядаем пра тых, хто дасягнуў поспеху не абавязкова ў Беларусі, але дакладна за яе межамі. Пройдземся па персаналіях і яшчэ раз акрэслім: беларускія музыканты могуць усё!
Калі вы актыўны юзер цік-току ці проста пільна сочыце за ўкраінскай музыкай, то напэўна, артыст пад творчым псеўданімам CHEEV вам знаёмы.
Напрыканцы 2022 года яго прыпеў з песні «Гарно так» завірусіўся ў цік-току, хоць сам выканаўца нават не быў зарэгістраваны там. Поспех прыйшоў, адкуль не чакалі, але не сказаць, каб гісторыя музыканта была падобна на тыя, у якіх зоркі запальваюцца за адзін дзень.
Уладзіслаў Чыжыкаў (сапраўднае імя артыста) — беларус родам з Бабруйска. Вучыўся ў БДУ і там жа пачынаў сваю творчую кар’еру. Выступаў як сольна на шматлікіх універсітэтскіх мерапрыемствах, так і з гуртом «Радиоволна», з якім нават выйшаў у фінал беларускага адбору на Еўрабачанне 2016 і 2018. Паралельна ўдзельнічаў у розных музычных шоў — «Акадэмія талентаў», украінскі «Х-Фактар» і «Голас». Верагодна, удзел у іх канчаткова пераканаў артыста пераехаць ва Украіну і пачаць пісаць трэкі на ўкраінскай. І тут ён не прагадаў!
На дадзены момант кліп на песню «Гарно так» налічвае 17 мільёнаў праглядаў на YouTube, а побач з ім стаіць і яшчэ адна кампазіцыя «Мрієшся» з 10 мільёнамі праглядаў.
Зараз Уладзь актыўна гастралюе, дае інтэрв’ю і піша новыя хіты, а яго кар’ера артыста перажывае залатыя часы і, мы ўпэўнены, што ў яго ёсць усе шанцы ўзляцець яшчэ вышэй і зрабіць яшчэ больш.
Уладзіслаў Чыжыкаў
Гурт «СОЮЗ», бадай, з’яўляецца адным з самых перспектыўных і таленавітых падпісантаў лэйбла Івана Дорна «Мастерская» (калі не лічыць поп-спевака Канстанціна).
Як бачым, без украінскага следу не абысціся і тут, хоць хлопцы і ствараюць сваю музыку па-руску. Іх альбом «II» быў прызнаны музычнымі крытыкамі адным з найлепшых рэлізаў СНД за 2019 год, і гурту ёсць куды расці. Па гучанні нагадвае Balthazar, асабіста я раю азнаёміцца і з творчасцю гэтага гурта таксама.
Гурт «СОЮЗ»
Сваімі стылёвымі інструменталамі, а таксама пранікнёным вакалам «СОЮЗ» прываблівае прыхільнікаў не толькі па ўсёй постсавецкай прасторы, і стрымы на лічбавых пляцоўках кажуць пра гэта самі за сябе!
Сёння ў нас проста парад з тых, для каго цік-ток стаў адным са штуршкоў на шляху творчага ўзлёту. Гурт «Nürnberg» не быў выключэннем.
«Што гэта ўвогуле за малойцы?» — спытаецеся вы.
«Nürnberg» — постпанк дуэт, створаны ў 2016-м у Мінску двума хлопцамі Юрам і Алегам. Музыкі спасылаюцца на нью вэйв і брытанскі поп-панк, выдатна міксуючы яго з беларускай мовай.
Гурт «Nürnberg»
Выпусціўшы першы рэліз у жніўні 2017-га, гурт не спыніўся на гэтым і працягнуў стабільна рэлізіць ЕР і альбомы па-беларуску.
Нечакана цёпла такую музыку прынялі не толькі на Радзіме, але і ў Еўропе. Аб гэтым сведчаць выступы на вялікіх еўрапейскіх фестывалях «Waves Viena», «Eurosonic Noorderslag», а таксама «AtlasWeekend Kyiv» і іншых.
Паліну Паланейчык — менавіта так клічуць спявачку пад псеўданімам Palina, шматлікія беларусы ведаюць яшчэ з часоў творчасці Рэспублікі Паліны.
У 14 гадоў дзяўчына навучылася граць на гітары, а ў 18 ужо адыграла свой першы сольны канцэрт.
Папулярнасць да артысткі прыходзіла паступова. Спачатку была перамога на фестывалі «Бардаўская восень 2011», далей, ужо ў 2012-м, Паліна стала лаўрэаткай прэміі «Ultra-Music Awards» у намінацыі «Адкрыццё года». Яе меладычны гітарны перабор, кранаючыя тэксты і мяккі вакал захаплялі маладых беларусаў усё больш і больш. Менавіта Паліна, на мой погляд, была ў той час новай хваляй беларускай поп-музыкі.
Palina
У 2018 годзе на 9-м сезоне ўкраінскага «Х-фактара» Рэспубліка Паліна змяніла свой псеўданім на Palina. Пасля гэтага пачалася новая старонка ў жыцці музыканткі, дзе былі канцэрты ва Украіне, СНД і краінах Еўропы, гучныя цікток-хіты, эміграцыя і новы вектар музычнага руху.
Паслухаць і «старую» і «новую» Паліну можна на ўсіх музычных пляцоўках. Раім, калі вы яшчэ нейкім цудам не зрабілі гэтага.
Адданыя фанаты і прыхільнікі адразу зразумеюць, што гэта мы пра гурт «Intelligency». Хлопцы даволі ўпарта і мэтанакіравана, наперакор складанасцям і на радасць сабе, 7 гадоў запар гралі свой тэхна-блюз, выпускалі альбомы і выкарыстоўвалі будзь-якую магчымасць для выступу.
Гурт «Intelligency»
Цяпер, іх хітовы сінгл «August» дакладна ведаюць па ўсім свеце, канцэрты распісаны па месяцах, а бонусам, яшчэ і кантракт з адным з буйных гульцоў сусветнага музычнага рынку — Warner Music, дазваляе гурту атрымліваць падтрымку пры прасоўванні любых рэлізаў на Захадзе і за акіянам.
Ад себе магу параіць паслухаць яшчэ беларускамоўную версію хіта, зробленую ў калабе з праектам SamShazam.
Любіце беларускую музыку, слухайце беларускую музыку, і да наступнай сустрэчы! Будзьма!
Хатні Томпсан, budzma.org
Чытайце яшчэ: Ёсць што паслухаць: агляд апошніх рэлізаў беларускіх музыкаў